Як ты дорага мне, мая родная мова!

26.09.2022
З 19 па 23 верасня 2022 года у Рэспубліцы Беларусь прайшоў Тыдзень роднай мовы «Як ты дорага мне, мая родная мова!». У кожным куточку краіны, дзе б’ецца беларускае сэрца, жыве наша мова: у школьных падручніках і творах літаратуры, казках і навуковых даследаваннях, нарэшце, у генах людзей, якія праз дзесяцігоддзі перададуць яе сваім дзецям і ўнукам.

Тыдзень роднай мовы прадугледжваў шэраг самых разнастайных мерапрыемстваў: выставы ў бібліятэках, інтэлектуальная гульня «Размаўляем па-беларуску», квэст-гульня «Народны скарб», паказ адзення «Будзь у трэндзе» і інш.

Школьныя бібліятэкары прынялі ўдзел у правядзенні Тыдня роднай мовы.

Навучэнцы дзяржаўнай установы адукацыі «Нясвіжская гімназія» з задавальненнем паўдзельнічалі ў інтэлектуальнай гульне «Размаўляем па-беларуску». У гульнявай форме адказвалі дзеці на бліц-пытанні, разгадвалі крыжаванку.

Вучні малодшых класаў разам з Шарандо К.А., загадчыцай біблятэкі, далучыліся да беларускай мовы праз вусную народную творчасць. Была інсцэніравана беларуская народная казка «Пшанічны каласок». Дзеці пераўвасобіліся ў курачку Сакатушку, гусака Шыпуна, індыка Балбатуна.

Эфектным відовішчам парадавалі вучняў і настаўнікаў Сілкова З.А., бібліятэкар дзяржаўнай ўстановы адукацыі «Сярэдняя школа № 1 г.п. Гарадзея», і ўдзельнікі паказу адзення ў традыцыйным стылі «Будзь у трэндзе». Гледачам была прадстаўлена калекцыя дзіцячага, жаночага і мужчынскага адзення з этнічнымі элементамі.

Богдан В.П., біблятэкар дзяржаўнай установы адукацыі «Сноўская сярэдняя школа», правяла для вучняў квэст-гульню «Народны скарб». Галоўнай задачай мерапрыемства было данесці да вучняў, што роднае слова з’яўляецца адным з самых вялікіх здабыткаў кожнага народа.

Чарняўская І.В., бібліятэкар дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 3 г. Нясвіжа», запрасіла вучняў прыняць удзел у гульні-падарожжы «Таямніцы роднай мовы». Дзецям былі прапанаваны цікавыя і пазнавальныя літаратурныя заданні і конкурсы.

Таксама былі арганізаваны  тэматычныя кніжныя выставы па пытаннях сучаснай беларускай літаратуры і вучэбнай літаратуры  па беларускай мове «Сэрцам роднага слова краніся».

 

Фотогалерея: